«МІ́НСКАЯ ДАЎНІНА́», «Минская старина»,
зборнік дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Беларусі. Выдадзены ў 1909—13 Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам у 4 выпусках (3-і ў дзвюх частках, у Вільні). У якасці дадатку да 1-га вып. ў 1909 выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (склад. А.К.Снітка). Большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі правасл. царквы і духавенства. Змяшчае інфармацыю і нататкі пра гісторыю стварэння і асн. кірункі дзейнасці к-та, апісанне архіўных збораў некат. манастыроў і цэркваў Мінскай епархіі, артыкулы і даследаванні пра дзейнасць правасл. духоўных асоб і католікаў-рэнегатаў. Апублікаваны і дакументы з царк. і свецкіх архіваў, падрыхтаваныя да друку Дз.І.Даўгялам, Сніткам і інш. У зб-ку змешчаны таксама звесткі пра сац.-эканам. развіццё Мінскай губ., песні, казкі, паданні бел. народа, паведамленні пра вынікі археал. раскопак і інш.
М.Ф.Шумейка.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)